Гісторыя менскага "шопінгу" ХVІ-ХІХ стагоддзяў
Гісторыя менскага "шопінгу" ХVІ-ХІХ
стагоддзяў вартая таго, каб заняць асобны раздзел у летапісе сталіцы.
Якія гандлёвыя кропкі былі папулярнымі ў тагачасных гараджан? Якія
хітрыкі пускалі ў ход менскія гандляры для прыцягнення пакупнікоў? Пра
ўсё гэта распавяла гісторык, педагог і прафесійны экскурсавод Валянціна
Кароткіна падчас экскурсіі "Менск гандлёвы".
"Рыбны" горад
На
беразе ракі Нямігі, якая сёння схавана ў зямлю акурат пад аднайменнай
вуліцай, калісьці віраваў рыбны рынак. Па адной з версій, менавіта
дзякуючы рыбе мень, якая насяляла рэкі Свіслач, тую ж Нямігу, а таксама
Менку, якая сёння працякае ў ваколіцах сталіцы, горад Менск і атрымаў
сваю назву. Кажуць, што яшчэ ў ХІХ стагоддзі, пакуль на берагах Нямігі
не пачалі будаваць разнастайныя прадпрыемствы, рыбу ў рацэ злавіць было
вельмі лёгка, нават проста рукамі. Рыбны гандаль разгортваўся на
мастках, якія былі перакінуты з аднаго берага Нямігі на другі. Па
ўзбярэжжы таксама размяшчаліся крамкі, дзе гандлявалі габрэі. Кажуць,
што калі рыбу не паспявалі за дзень прадаць, яе выпускалі назад у раку,
каб на наступны дзень зноў злавіць. Рыбны гандаль кіпеў тут ажно да
пачатку ХХ стагоддзя. Пасля Няміга крыху змяніла свой воблік, і гандаль
тут стаў іншага кшталту: пачалі з'яўляцца вінныя склепы і крамы, у якіх
гандлявалі прыладамі і рэчывамі для курэння — тытунём, папіросамі,
мундштукамі.
На скрыжаванні шляхоў
Яшчэ адна версія
паходжання назвы горада таксама звязана з гандлем. Кажуць, што людзі
вельмі доўга не маглі прыдумаць грошы, і таму проста мяняліся паміж
сабой рознымі таварамі. Магчыма, ад слова "мена" і пайшла назва горада.
Абмен адбываўся на ўзбярэжжы Свіслачы побач з Менскім замкам. Менавіта
туды замежныя купцы прывозілі свае тавары. Як сведчаць археалагічныя
раскопкі, у глыбінях замчышча былі знойдзены прасліцы, прывезеныя з
Валыні, бурштын з Прыбалтыкі, а таксама амаль не пашкоджаныя
чарнаморскія амфары з Усходняга Крыма — відаць, у іх прывозілі віно для
князя. Усё гэта дае падставу меркаваць, што гандаль у Менску быў вельмі
развіты. І гэта не дзіўна, бо горад знаходзіўся блізка да водных
артэрый. Пэўна, па водным шляху Свіслачы, Бярэзіны, Дняпра і Чорнага
мора сюды трапілі візантыйскія тканіны, рэшткі якіх таксама былі
знойдзены пры раскопках замчышча. А з супрацьлеглага боку Свіслач вельмі
блізка падыходзіць да Ушы і Віліі — рэк, якія з'яўляюцца прытокамі
Нёмана. А гэта — шлях да Балтыкі. Таму Менск можна па праве лічыць
часткай буйнога гандлёвага шляху "з варагаў у грэкі".
Умелі скарыстацца сітуацыяй
Але
пакутаваў горад не толькі ад пажараў. Няміга і Свіслач — рэкі "з
характарам" — часта разлівалі свае воды. Крамкі, што стагоддзі таму
стаялі на беразе ракі, пастаянна падтапліваліся, і ўвесь тавар
"выплываў" на вуліцы. І тады гараджанам было "шчасце": хто што паспеў
"злавіць" — тое належала яму. Акрамя гэтага, знаходзіліся людзі, якія
ўмелі зарабляць на паводках. Калі па вуліцах нельга было праехаць на
запрэжаных конях, яны здымалі свае вазы з колаў, ставілі на ваду
накшталт палазоў, і такім чынам перавозілі гараджан з аднаго берага на
другі, беручы з іх вялікія грошы. У народзе такіх людзей называлі
герцумеролікі. Іх вельмі не любілі, але карыстацца іх паслугамі
даводзілася з безвыходнасці, бо ў паводку спыняліся не толькі ўласныя
вазы, але і грамадскі транспарт — конка.
Тэхналогіі старадаўняга маркетынгу
Тэрыторыя
Ніжняга (або Старога) рынку была "царствам" габрэйскіх гандлярак, якія
з'ехалі адсюль не так даўно — у ХХ стагоддзі. На тры бакі рынку стаялі
іх шапікі, дзе яны не толькі прадавалі ўсё, што маглі, але таксама шылі,
выхоўвалі дзяцей, увесь вольны час якіх праходзіў на рынку поруч з
маці. Прадаваліся тут і тканіны, і прадукты. Былі шапікі, у якіх
гандлявалі мясам — праўда, не лепшага гатунку. Справа была ў тым, што
гандаль мясам быў у тыя часы манапалізаваны: мяснікі штучна стваралі
дэфіцыт і завышалі цэны, таму якаснае мяса ў іх маглі набыць толькі
заможныя гараджане. А ў габрэйскіх шапіках мяса хоць і было не вельмі
прывабнае на выгляд, але каштавала танна, таму знаходзіла сваіх
пакупнікоў. Побач наўпрост на зямлі маглі стаяць ночвы з яйкамі,
гароднінай, хлебам, а паміж іх цяклі раўчукі вады, змяшанай з крывёй
забітай жывёлы...
Барацьба за кліента
На любых кірмашах
раней было прынята таргавацца. Калі пакупнік не намагаўся знізіць кошт,
ён мог гэтым нават абразіць гандляра. Тым не менш, прадаць трэба было як
мага больш. Таму пакупнікоў не толькі прываблівалі, распісваючы якасці
сваіх тавараў, але нават і сілком зацягвалі да сябе. Акрамя звычайных
крам, на рынку знаходзіліся і рамонтныя майстэрні, і крамы па скупцы
паношанага адзення і абутку. У гэтых установах працавалі людзі, якіх
называлі тандытнікамі. У іх абавязкі ўваходзіла зацягваць да сябе
патэнцыйных кліентаў. Яны выходзілі на вуліцу і, калі, напрыклад, бачылі
жанчыну з торбамі, падыходзілі да яе і казалі: "У вас ёсць адзенне,
якое вы несяце здаць да нас". Тая, натуральна, пачынала аднеквацца і
казаць, што проста ішла міма, але яе зацягвалі ў краму і не выпускалі да
тых часоў, пакуль не выкуплялі ў яе што-небудзь або не рамантавалі —
вядома ж, за пэўную плату. Часам тандытнікі маглі нават ісці за
чалавекам да самага дома, там сесці і не сыходзіць, не дамогшыся свайго.
Магдэбургскае права
А
побач, у ратушы, былі эталоны вагі і даўжыні. Па іх можна было
праверыць, ці не аблічылі пакупніка гандляры з Ніжняга ці Верхняга
рынку.
Чароўнасць менскіх кірмашоў
Разам з магдэбургскім
правам Менск атрымаў і права на правядзенне кірмашоў. Самымі вялікімі і
доўгачаканымі з іх былі Дзесятуха (праводзіўся на дзясяты дзень пасля
Вялікадня) — конскі кірмаш, які праходзіў у раёне сучаснай плошчы
Перамогі, а таксама кірмаш на дзень ушанавання святога Ільі.
Кірмаш
быў не проста месцам, куды прывозілі на продаж тавар. Паездка ў горад
на кірмаш станавілася сапраўдным святам, тут завязвалася безліч
стасункаў. Для моладзі гэта было месца, дзе можна было пазнаёміцца, і
менавіта на кірмашах заключаліся шлюбныя дамовы. Але перад тым, як
дасылаць сватоў, маладыя вырашалі справу паміж сабой наступным чынам.
Хлопец казаў дзяўчыне пра сваю сімпатыю не прамым тэкстам, а рабіў нейкі
знак. Напрыклад, мог падарыць ёй яблык або хусцінку. Калі дзяўчына
прымала падарунак — гэта азначала згоду, і справа заставалася толькі за
бацькамі.
Кірмашы пакінулі ў нашай гісторыі яшчэ адну цікавую
з'яву — кірмашовікі. Так называлі ні што іншае, як... пярэднія зубы. Яны
былі сімваламі кірмашоў, бо паказвалі ўсмешку і весялосць.
У той
жа час кірмаш быў месцам небяспечным, бо тут збіраліся і нячыстыя на
руку людзі, якія маглі сурочыць і абрабаваць. Таму незамужнія дзяўчаты і
цяжарныя жанчыны без абярэгу на кірмаш не выходзілі. Абярэгамі маглі
служыць павязаны пояс, чырвоная нітка ці стужка на руцэ.
Базар на Траецкай гары
Назва
Старога замацавалася за Ніжнім рынкам. Але такая ж назва была і ў яшчэ
аднаго месца. Гэта быў рынак на колішняй Траецкай гары. Тут віраваў
гандаль сельскагаспадарчага кшталту, і гэта было адзінае месца, дзе
гараджане маглі набыць сабе дровы.
За Свіслаччу ад Траецкага
базару размяшчаліся татарскія агароды. Менавіта таму назва "базар"
замацавалася за гэтым месцам, а астатнія гандлёвыя кропкі былі
"рынкамі". Бо слова "базар" перакладаецца з татарскіх дыялектаў як
"справа каля варот". Гэта значыць, што ў даўніну гандаль вёўся менавіта
на ўездзе ў горад каля варот. Прадавалі і куплялі тут ажно да 1930-х
гадоў, пакуль не пачалося ўзвядзенне тэатра оперы і балета.
З
прыходам НЭПа побач з базарам, на рагу цяперашняй вуліцы Янкі Купалы,
разгарнуўся і дзяржаўны гандаль. Пачалася гісторыя так званых манаполек —
дзяржаўных крам, што мелі выключнае права на продаж спіртнога. А калі
спусціцца ўніз на пляц каля сучаснага выставачнага комплексу "БелЭкспа",
можна было трапіць на яшчэ адзін рынак — цыганскі, каб даведацца пра
сваю будучыню, паслухаць песні, падзівіцца на цыганскія відовішчы.
Прагулкі па Хлусавым мосце
Назва
Хлусава моста, які злучае сучасныя вуліцы Багдановіча і Нямігу, узнікла
не на пустым месцы. Зараз да гэтага моста вядзе вуліца Зыбіцкая, якая ў
часы Расійскай імперыі мела назву Гандлёвай набярэжнай. Але хадзіць па
ёй было даволі небяспечна. Тут знаходзіліся крамкі з дарагімі таварамі.
Працавалі ў іх спецыяльна нанятыя прыказчыкі, якія нахвальвалі тавар
свайго гаспадара. У адрозненне ад тандытнікаў Ніжняга рынку, прыказчыкі
былі людзьмі больш прыстойнымі, хоць функцыю выконвалі амаль такую ж.
Прыказчыкі сапернічалі паміж сабой, бо іх заробак залежаў ад таго,
наколькі добрым будзе гандаль у гаспадара. Таму яны проста хапалі людзей
"пад белы ручанькі", прыгаворваючы, што ім абавязкова трэба набыць
які-небудзь цудоўны тавар, цягнулі ў краму і без пакупкі не выпускалі.
Для таго, каб урэгуляваць сітуацыю, гарадскія ўлады абмяжоўвалі час
гандлю з дзевяці раніцы да дзевяці вечара. Але гандлярам гэтага было
мала. Яны тушылі святло, зачынялі аканіцы і працавалі тайком да
апоўначы. Вось таму і мост атрымаў назву Хлусаў, бо і з процілеглага
боку на Ніжнім рынку маглі падмануць, і тут, здавалася б, у прыстойным
месцы.
Новая эпоха
Узгаданы Траецкі базар стаў звацца
Старым менавіта тады, калі ў ХІХ стагоддзі ўзнік Новы рынак. Даволі
хутка ён набыў кантрактны характар. У шматлікіх шапіках сядзелі
прадстаўнікі буйных замежных гандлёвых аб'яднанняў і падпісвалі
кантракты на сыравіну. Тут наймалі і бралі ў арэнду маёнткі, плацілі
пазыкі і працэнты. Але напрыканцы ХІХ стагоддзя гандаль адсюль знік, а
на месцы рынку быў закладзены сквер, які атрымаў назву Аляксандраўскага
(па тытуле капліцы Аляксандра Неўскага, якая знаходзілася на ўваходзе ў
сквер). А кантрактны кірмаш перамясціўся крыху далей, туды, дзе сёння
знаходзіцца кінатэатр "Цэнтральны".
У ХІХ стагоддзі праз Менск
прайшла чыгунка, і ён стаў вялікай гандлёвай кропкай, атрымаўшы новы
штуршок для развіцця. У ХХ стагоддзі назва Менск змянілася на Мінск, і
распачалася ўжо іншая гісторыя горада і гандлю.
tut.by
tuЧитать полностью: http://news.tut.by/society/351228.html